Салодкія пацалункі беларускай прыроды: новы вобраз легендарных журавін ад Fabula Branding
Кліент
ТДА ВКФ «Аржаніца»
Задача
Рэбрэндынг лінейкі прадуктаў, распрацоўка фірмовага стылю

Кантэкст

Кампанія «Аржаніца» займаецца перапрацоўкай дзікарослых ягад у дэсерты з 1996 года, іх флагманскі прадукт — легендарныя журавіны ў цукровай пудры. Яго ўпэўнена можна назваць не толькі смачным ласункам, але і сапраўдным беларускім суперфудам — крыніцай вялікай колькасці прыродных вітамінаў. Прадукт унікальны для еўрапейскага рынку, і яго часта возяць за мяжу ў якасці падарунка з Беларусі.
Аднак ранейшы дызайн упакоўкі ўжо састарэў, больш таго, ён не раскрываў сутнасці прадукту. Гандлёвай марцы былі патрэбны абнаўленне візуальнага вобразу, нэйм і яркая камунікацыя, якая распавядала б пра яе паходжанне і значнасць.

Нэйм, лагатып і дызайн упакоўкі

Новы дызайн упакоўкі — мінімалістычнае сучаснае рашэнне з яркім акцэнтам на прадукце і фірмовых колерах — чырвоным і белым. Фотастыль на бакавіне адцяняе асноўнае дызайн-рашэнне — там ягада паказана ў натуральных умовах. А пад крышкай знаходзіцца інфармацыя пра важнасць падтрымкі прыродаахоўных мерапрыемстваў, якая счытваецца ў момант кантакту з брэндам.
Натуральна, камунікацыя для такога прадукту стваралася на беларускай мове. Яна пачынаецца з нэйма «Пацалункі-падарункі», які падкрэслівае каштоўнасць журавін як падарунка лесу, створанага з любоўю. Нэйм не толькі рытмічны, але і візуальна гарманічны дзякуючы падобнаму напісанню слоў. Яго падтрымліваюць УГП, што паказваюць карыснасць і натуральнасць прадукту.

Місія брэнда

Беларускія балоты — старажытныя прыродныя экасістэмы — гэта не толькі «лёгкія Еўропы», але і дом для кустоў журавін. Для вытворчасці прадуктаў пад брэндам «Пацалункі-падарункі» выкарыстоўваюцца менавіта дзікарослыя ягады, і кліент зацікаўлены ў захаванні і аднаўленні іх прыроднай экалагічнай нішы.

Вольга Кашкан, крэатыўны дырэктар Fabula Branding:

Цыкл работы над праектам быў дастаткова доўгім, бо перад нашай камандай стаяла вельмі аб'ёмная задача — не толькі прэзентаваць сам прадукт і падкрэсліць яго аўтэнтычнасць, але і падтрымаць ініцыятыву па ахове беларускіх балот — спрадвечнай скарбніцы здароўя, дзе растуць гэтыя ягады. Пазіцыянаванне дзікарослых журавін як беларускі суперфуд — прадукт надзвычайнай вартасці, што па колькасці мікраэлементаў і вітамінаў не саступае замежным аналагам (ягады годжы, семя чыа, спіруліна і г.д.), упэўнена, звярне ўвагу беларусаў на мясцовыя каштоўнасці, якімі можна ганарыцца.

Юлія Янюк, дызайнер Fabula Branding:

Журавіны ў цукры беларускі прадукт, які я гадоў пятнаццаць важу сваім сябрам, калі еду ў госці за мяжу. Пераапрануць яго, зрабіць прыгожым, густоўным гонар для мяне.

А яшчэ праз працу над праектам «Пацалункі-падарункі» я адкрыла для сябе нашыя балоты, дзе расце цудоўная ягада, з новага боку. Цяпер гэта для мяне не пра ціну-руціну, а пра экасістэму, якой каля 10 тысяч год, што дае яшчэ большае разуменне нашай краіны як адметнасці.

Анатоль Брылёнак, дырэктар ТДА ВКФ «Аржаніца»:

Кампанія «Аржаніца» вырабляе журавінавае дражэ па ўласных тэхналогіях, якія маюць сусветную навізну, пацверджаную Еўразійскім патэнтам. На працягу шматлікіх гадоў наша фірма задзейнічана ў міжнародных праграмах прыродаахоўнага напрамку, якія накіраваны на захаванне балот і эфектыўнае выкарыстанне іх рэсурсаў. Мы разумеем, як важна фарміраваць экалагічны светапогляд, у тым ліку і з дапамогай абноўленай упакоўкі. Новы дызайн спадабаўся пакупніку, пра што сведчаць водгукі на нашым сайце і павелічэнне аб'ёмаў продажу прадукцыі. Акрамя таго, ужо паступілі прапановы аб пастаўках нашых ягад ў некалькі новых гандлёвых сетак.

Рэбрэндынг прадукту і абноўленая стратэгія развіцця дапамаглі кампаніі «Аржаніца» пачаць супрацоўніцтва з ПРААН, бо выкарыстанне сапраўдных прыродных кампанентаў у прадуктах харчавання — добры інструмент для прасоўвання прыродаахоўных мерапрыемстваў. Каб сфакусаваць увагу на экалагічнай праблеме і ахапіць пры гэтым розныя сегменты патэнцыйнай аўдыторыі, вытворца плануе выкарыстаць усе даступныя каналы. Таму сваё дызайн-рашэнне мы зрабілі максімальна адаптыўным для розных носьбітаў.


Каманда:

Арт-дырэктар: Дзмітрый Кашкан

Крэатыўны дырэктар: Вольга Кашкан

Аўтар дызайн-канцэпта: Юлія Янюк

Дызайнеры: Юлія Янюк, Дзмітрый Зябліцаў

Фатограф: Аляксей Каржанец

Праект-менеджар: Наталля Мітраховіч

Брэнд-стратэг: Алёна Шыбут

Капірайтэр: Алена Босава

Акаўнт-менеджар: Юлія Насякайла